ТАВА́РНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прадметы спажывання, прызначаныя для рэалізацыі на ўнутр. рынку ці на экспарт у пэўны час і па канкрэтнай цане. Выяўляюць магчымасці таварнага рынку забяспечыць патрэбы насельніцтва. Крыніцамі ўтварэння Т.р. з’яўляюцца: прам-сць; с.-г. вытворчасць; тавары, якія выпускаюцца прыватнымі вытворцамі; імпарт; таварныя запасы. Т.р. ахопліваюць не ўсю прадукцыю прадметаў спажывання, паколькі частка яе застаецца ў вытворцаў для ўнутрыгасп. патрэб і натуральнага спажывання. Але яны могуць і перавышаць аб’ём прадукцыі за кошт пераходных запасаў і імпарту тавараў. Аб’ём Т.р. на рынку залежыць ад велічыні плацежаздольнага попыту, даступнасці тавараў для спажыўцоў, стабільнасці рынку, канкурэнцыі, сабекошту вытв-сці, дынамікі цэн, колькасці таваравытворцаў і іх зацікаўленасці ў вытворчасці і інш. Ва ўмовах пераходнай эканомікі дзяржава з’яўляецца сувязным звяном у кіраванні таварнымі сістэмамі; з гэтай мэтай распрацоўваюцца на перспектыву балансы попыту і прапанавання таварных груп, устанаўліваюцца заданні на закупку ў айч. вытворцаў тавараў для ўнутр. рынку, рэгламентуюцца цэны і ўзроўні рэнтабельнасці сацыяльна-значнай прадукцыі і прадукцыі прадпрыемстваў-манапалістаў.
Р.П.Валевіч.
т. 15, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)